Наша спадчына

Легенды і паданні Беларусі

развернуть

Беларускія казкі

развернуть

Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць сваю мову і іншыя мовы. Трэба ведаць казкі свае і казкі іншых народаў. Трэба ведаць танцы свае і танцы іншых народаў.

Але безумоўна, найлепш і найперш трэба ведаць усё роднае. Нам з вамі трэба ведаць найлепш усё беларускае.

І ў першую чаргу кожны человек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць свае народныя песні, танцаваць свае народныя танцы. Кожны чалавек павінен ведаць прыказкі свайго народа. Прапануем вашай увазе беларускiя казкi.

"Лiса, мядзведзь i мужык"

"Чаго на свеце не здараецца"

 

Паважаныя бацькі,

прапануем Вам пачытаць сваім дзецям беларускія казкі

 

Сынок - з - кулачок

Жылі дзед і баба. І быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Ня большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок-з-кулачок. 

Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.

Баба згатавала абед ды кажа да сына: 

— Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісьці. 

А сынок падхрабрыўся і кажа: 

— Давай, мама, занясу абед. 

— Дзе табе данесьці яго? — ня верыць маці. 

— Данясу!

Узяў сынок-з-кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў. 

Едзе сабе і песенькі сьпявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку: 

— Тата, я табе абед прывёз! 

Убачыў яго бацька, зарадаваўся: 

— Малайчына, сынок! 

Сеў ён абедаць, а сын кажа: 

— Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду. 

— Як жа ты будзеш араць? 

— А паглядзіш, — кажа сын. 

Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок-з-кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня: 

— Но, сівы-буры! 

І пачаў араць. 

Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва. 

— Прадай, дзед, мне свайго аратага, — кажа пан. 

— Не, пане, не прадам: гэта мой сынок. 

А пан прычапіўся, як смала: прадай ды прадай! 

— Я табе, — кажа пан, — дам шмат грошай. 

Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму: 

— Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. Не бойся, я ад яго ўцяку... 

Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата. 

Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. "Вось, — думае, — добрага аратага нажыў. Гэдакага ні ў кога няма. Няхай зайздросьцяць усе паны!" 

Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез зь яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым. 

Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес. 

Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблукаў. 

А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача. 

Ні адсюль, ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго. 

Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць: 

— Гэй, воўк, нясі мяне дахаты! 

— Не панясу, — кажа воўк. 

— Нябось, панясеш, як надакучу табе. 

— Паглядзім, — агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак. 

Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата: 

— Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца! 

Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго. 

Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку: 

— Вылазь вон! 

— Не, ня вылезу, — адгукаецца хлопчык. — Нясі мяне дадому. 

— Не панясу! — злуецца воўк. 

Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе, усё няўдача: не дае яму хлопчык усё сваё права правіць: 

— Нясі мяне дадому! 

Бачыць воўк — няма рады: панёс хлопчыка дадому. 

Прынёс да двара і кажа: 

— Вылазь. Вунь твая хата. 

— Не, — адказвае хлопчык, — нясі на двор. 

Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць: 

— Вылазь! 

— Не, нясі ў сенцы. 

Прынёс воўк яго ў сенцы. 

Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць: 

— Тата, хадзі ваўка біць! 

Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся. 

Тут і казка ўся. 

 

 

 

Лёгкі хлеб

Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, разьвязаў і пачаў есьці. 

Выйшаў з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есьць. Падыйшоў да яго воўк: 

— Ты што ясі, чалавеча? 

— Хлеб, — адказвае касец. 

— А ён смачны? 

— Дзіва што смачны! 

— Дай мне пакаштаваць. 

— Калі ласка! 

Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку. 

Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа: 

— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есьці, але дзе мне яго дастаць? Парай, чалавеча! 

— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць. 

І пачаў ён вучыць ваўка: 

— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць... 

— Тады і хлеб будзе? 

— Не, брат, пачакай. Потым трэба зямлю забаранаваць... 

— І можна хлеб есьці? — замахаў воўк хвастом. 

— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць... 

— Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк. 

— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасьце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым сьпець...

— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба ўволю! 

— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку сьпелае жыта трэба зжаць, потым у снапы зьвязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток... 

— І есьці хлеб буду? 

— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяхі сабраць, мяхі ў млын завезьці, ды мукі намалоць... 

— І ўсё? 

— Не, ня ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць. 

— І сьпячэцца хлеб? 

— Але, сьпячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку. 

Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа: 

— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць. 

— Ну што ж, — кажа касец, — калі ня хочаш цяжкі хлеб есьці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца. 

Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня: 

— Конь, конь! Я цябе з'ем. 

— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх. 

— І то праўда, — згадзіўся воўк. 

Нахіліўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы... 

Перакуліўся воўк ды ходу. 

Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. "Ці ня з'есьці мне іх?" — думае, потым і кажа: 

— Гусі, гусі! Я вас з'ем. 

— Што ж, адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад сьмерцю. 

— Якую? — пытаецца воўк. 

— Пасьпявай нам, а мы паслухаем. 

— Гэта можна. Сьпяваць я — мастак. 

Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыльлямі — мах, мах! Узьняліся й паляцелі. 

Зьлез воўк з купіны, правёў гусей вачыма і пайшоў далей ні з чым. 

Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: "Ці ж ня дурань я, га? Навошта я згадзіўся сьпяваць гусям? Ну, цяпер каго ні сустрэну — з'ем!" 

Толькі ён так падумаў, бачыць — ідзе па дарозе стары дзед. Воў падбег да яго: 

— Дзед, дзед! Я цябе з'ем! 

— Чаго так сьпяшацца! — кажа дзед. — Давай сьпярша табакі панюхаем. 

— А смачная яна? 

— Паспытай, дык будзеш ведаць. 

— Давай! 

Выняў дзед з кішэні капшук з табакаю, сам панюхаў і ваўку даў. 

Як нюхнуў воўк на ўсю сілу, дык цэлы капшук табакі ўдыхнуў у сябе. А потым як пачаў чхаць на ўвесь лес... Нічога ад сьлёз ня бачыць, усё чхае. Так з гадзіну чхаў, пакуль усю табаку ня вычхаў. Агледзеўся потым, а дзеда і сьлед прастыў. 

Пайшоў воўк далей. 

Ідзе ён і бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух сьпіць. Нагледзеўся воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа: 

— Баран, баран! Я цябе з'ем. 

— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб ня мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косьці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзьбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот. 

— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім. 

Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, сьвету ён ня ўбачыў. 

Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае: 

— Цікава: з'еў я яго ці не? 

А тым часам касец скончыў работу ды ідзе дахаты. 

Пачуў ён воўкавы словы і кажа: 

— З'есьці ня з'еў, але паспытаў лёгкага хлеба. 

свернуть

Беларускiя святы i абрады

развернуть

Паважаныя бацькi,

раскажыце сваiм дзецям пра беларускiя святы i абрады

Стрэчанне ці грамніцы - гуканне вясны. Гэтае свята ўвабрала ў сябе вобраз зімы і лета ў песенных гуртах, якія спрачаюцца паміж сабой песнямі. 

Масленка. Святкуецца на восьмы дзень перад Вялікаднем. Гэта свята пачыналіся запускі, якія заканчвалі калядны мясаед. 

Гуканне вясны. Гэтае свята характэрна для Усходняй Беларусі. Як і масленкавыя абрады песні і карагоды адбываліся на горках, бо так было бліжэй да неба. Кульмінацыя гэтага свята дасягалася 7 красавіка, калі адбываліся непасрэдна рытуальныя дзеянні і працягваліся да таго моманту, як узаруць поле. 

Саракі. Свята прыпадае на 22 сакавіка. Яно адзначае дзень веснавого раўнадзенства. 3 гэтым святам канчаткова прыходзіць вясна. 

Камаедзіца. Гэтае свята прыйшло з глыбокай старажытнасці. Адзначаецца перад Звесткаваннем. На гэта свята пакланяліся мядзведзю.

Вялікдзень. Гэтае свята лічыцца найвялікшым каляндарным святам. Яно складае выключную адметнасць, самабытнасць беларускага абрадава-святочнага каляндара.На гэта свята сутракалі Новы Год па сонечнаму календару. Святкавалася ў дзень вяснавога раўнадзенства. Потым стала перасоўным ад 4 красавіка да 8 мая. Апошняя нядзеля перад святам была Вербная нядзеля. У царкву заносілі галінкі вярбы, якія асвяшчалі святой вадой. Потым прынасілі дамоў і з'ядалі па аднаму пухірку, каб абараніцца ад маланкі, а рэшткі вярбы захоўвалі да наступнай Вербніцы. 

Наўскі Вялікдзнь. Адзначаўся ў чысты чацвер, як частка агульнакаляндарнай традыцыі ўшанавання дзядоў. Гэтае свята больш вядома пад назвай Радауніца свята ўшанавання памерлых. 

Юр'я. Свята адзначалася 5 траўня. На ім ушаноўвалі сімвал парадку, вясны, росквіту прыроды. На лузе дзяўчаты выбіралі самую прыгожую, апраналі яе русалкай і надзявалі ёй вянок, вадзілі вакол яе карагоды і спявалі. На гэтае свята існуе шмат прыказак, прыкмет. Вось адна з іх:" Як дождж на Юр'я, то будзе хлеб у дурня." 

Пахаванне стралы. У аснове гэтага свята ляжыць ахоўная магія ад маланкі. Цягнецца ад Вялікадня да Ушесця. На гэтае свята водзяць песні, карагоды, якія абараняюць ад маланкі. 

Зялёныя святкі. Свята найвышэйшага росквіту прыроды. Вядома пад назвай Сёмухі, Тройцы. Святкуецца гэтае свята на семым і восьмым тыдні пасля Вялікадня. Гэтае свята з'яўляецца гімнам маці-прыродзе.

Купалле. Святкуецца з 6 на 7 ліпеня. Гэтае свята насычана прыгожымі язычніцкімі звычаямі і святкуецца ў гонар летняга сонца звароту. Сутнасць гэтага свята засталася некранутай да нашых дзён. Увасабленнем былі ачышчальныя вогнішчы, ачалавечаны вобраз жанчыны Купалы і нават яго дочкі. 

Жніво. Гэтае свята з'яўляецца самым працяглым комплексам рытуалаў. Пачынала святкавацца ад 12 ліпеня да 27 верасня. Жніўныя абрады складалі аснову самай цяжкай працоўнай дзеі. 

Жаніцьба коміна. Гэтае свята было ўведзена яшчэ Пятром I. Прыпадала яно на 13-14 верасня. Па гэтаму святу сустракалі Новы год восенню.

Пакровы. Адзначаліся ад 14 кастрычніка да 27 кастрычніка. На гэтае свята размяркоўваліся дні паміж дзяўчатамі, а 27 кастрычніка па надвор'ю меркавалі аб характары будучай жонкі, і называлі гэты час Дзівочым летам. На гэтае свята ў прыродзе адбываўся пераломны момант ад лета да зімы. "Прыйшла Пакрова і пытае, ці да зімы гатова." Пачынаючы з гэтага свята, моладзь пачынала збірацца на вячоркі, а хатнія справы спраўляліся з песнямі. 

Дзяды. Кожны дзень тыдня меў сваё значэнне. Так субота мела быць днём ушанавання дзядоў, усіх памерлых. У гэты дзень кожны павінен быў успомніць лепшыя рысы прашчураў, аддаць ім належную павагу.

Зімовыя святкі. Пачыналіся посля постнай куцці (6 студзеня) і завяршаліся да Вадахрышча (19 студзеня). На гэтае свята адбываліся сапраўдныя тэатралізаваныя беларускія народныя карнавалы.Пачыналіся зімовыя святкі з Каляд (7 студзеня), якія былі ў гонар зімоваго сонцазвароту і каляднага месаеду пасля Піліпаўскага посту. На гэты язычніцкі абрад наслаівалася хрысціянскае свята нараджэнне Хрыстова- свята Раства. Неад'емным рытуалам з'яўляецца ўшанаванне продкаў-дзядоў. Гэтаму прысвячалі тры ўрачыста-шанавальныя куцці:перадкалядная посная, багатая- шчодрая і вадзяная. Гэтая дзея цягнулася ад 25 снежня да 2 студзеня.

Сырны тыдзень, або Масленка (за 8 тыдняў да Вялікадня)

Масленка, масленка, нясі сыру, масла нам, каб зімачка згасла!

Старажытнае язычніцкае свята. У гэты тыдзень праводзяць зіму. Сёння Сырны тыдзень болей вядомы як Масленка. Шмат стагоддзяў у беларусаў сыр быў самым папулярным прадуктам i сiмвалiзаваў нараджэнне новага жыцця. У гэты тыдзень дзяўчаты і хлопцы ладзілі гушканне на арэлях, коўзанне з горак на санках. Верылі, што чым вышэй узляціш на арэлях, чым далей скоцішся з горкі — тым даўжэйшы будзе лён. На Масленку ласуюцца блінамі, спяваюць масленічныя песні. 

 

свернуть